СТА́ЎКА ПАДА́ТКУ,
велічыня падатку на адзінку падаткаабкладання (га зямлі, трансп. сродкі, рубель даходу і інш.). Устанаўліваецца падатковым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь для кожнага аб’екта абкладання. Адрозніваюць С.п. цвёрдыя, прапарцыянальныя, прагрэсіўныя. Цвёрдыя С.п. ўстанаўліваюцца ў абсалютнай суме і не залежаць ад велічыні даходаў (падаткі на зямельны ўчастак, дом, каштоўныя паперы і інш.). На Беларусі, напр., у 2002 С.п. на маёмасць фіз. асобы (дом, дача, гараж) складала 0,1% ад вартасці аб’екта абкладання. Прапарцыянальныя С.п. ўстанаўліваюцца ў аднолькавым працэнце да даходу незалежна ад яго велічыні. З ростам даходу падатак прапарцыянальна павялічваецца. Прыкладам такога падаткаабкладання на Беларусі з’яўляецца падатак на прыбытак бел. устаноў (С.п. — 24%; 2002). Прагрэсіўныя С.п. павялічваюцца па меры росту абкладанага даходу. Прагрэс. стаўкі на Беларусі ўжываюцца пры спагнанні падаходнага падатку з фізічных асоб (5 ставак).
т. 15, с. 178
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)